Беларуская Служба

Праваабаронцы заявілі аб прызнанні палітвязнямі яшчэ 18 чалавек, у тым ліку былога «каліноўца»

27.11.2024 17:51
Утрыманне пад вартай ужываецца як мера стрымання нават пры адсутнасці абгрунтавання.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

27 лістапада 2024 года праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла пра палітычна матываваны характар крымінальнага пераследу 18 грамадзян, абвінавачаных па артыкулах КК, звязаных з распальваннем варожасці, дзяржаўнай здрадай, дыскрэдытацыяй уладаў і інш.

Падкрэсліваецца, што артыкул 130 КК выкарыстоўваецца выбарча, каб абараніць толькі прадстаўнікоў улады. Многія асуджаныя крытыкавалі дзяржаўныя інстытуты за парушэнне правоў чалавека, катаванні і бескаранасць, што не можа быць злачынствам у прававой дзяржаве.

Асуджэнне адбываецца на закрытых судовых пасяджэннях без забеспячэння справядлівага разбіральніцтва, што парушае Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Утрыманне пад вартай ужываецца як мера стрымання нават пры адсутнасці абгрунтавання.

У спісе палітвязняў — Таццяна і Уладзімір Кашчэевы, Ігар Бацян, Ілля Нарышкін, Наталля Зайцава, Аляксей Сіленка, Васіль Верамейчык (былы баец Палка Каліноўскага - рэд.) і іншыя. Праваабаронцы заклікаюць перагледзець справы і вызваліць усіх палітвязняў, а таксама спыніць рэпрэсіі і забяспечыць справядлівае судовае разбіральніцтва. Яны патрабуюць аднаўлення правоў і свабод у Беларусі.

Паводле заявы ПЦ "Вясна" і іншых праваабарончых арганізацый.

нг